СІМФАНІ́ЧНАЯ ФАНТА́ЗІЯ,

адначасткавы сімфанічны твор; адзін з жанраў праграмнай музыкі. Спалучае рысы фантазіі (свабода тэматычнага развіцця і будовы, часам са значнымі адхіленнямі ад традыц. тыпаў) і сімфанічнай паэмы (пераважаюць карцінна-выяўл. тып праграмнасці, элементы фантастыкі).

У замежнай музыцы прадстаўлена асобнымі ўзорамі («Дачка Поўначы» Я.​Сібеліуса), шырока і рознабакова — у творчасці рус. кампазітараў П.​Чайкоўскага, А.​Глазунова, М.​Мусаргскага, С.​Рахманінава, І.​Стравінскага і інш. Блізкія да С.ф. уверцюры-фантазіі Чайкоўскага, М.​Глінкі. У рус. музыцы сфарміраваўся своеасаблівы від С.ф., заснаваны на свабодным сімф. развіцці фалькл. муз. тэм (фантазія «Камарынская» Глінкі на тэмы дзвюх рус. нар. песень, «Фантазія на сербскія тэмы» і «Іспанскае капрычыо» М.​Рымскага-Корсакава, «Італьянскае капрычыо» Чайкоўскага, «Уверцюра на 3 рускія тэмы» М.​Балакірава і інш.).

У творчасці бел. кампазітараў прадстаўлены традыцыйныя віды С.ф.: уверцюры-фантазіі «Зары насустрач», «Дума пра пагранічніка Лагоду» і капрычыо на тэмы бел. нар. песень М.​Аладава, С.ф. Ю.​Бяльзацкага, І.​Лучанка, «Янка» П.​Падкавырава, «Перапёлачка» Р.​Пукста, «Свята» А.​Мдывані і інш.

Літ.:

Гл. да арт. Праграмная музыка, Сімфанічная паэма.

Т.​А.​Дубкова.

т. 14, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)